20-03-2018, 12:26
Retroman
1 946

Скульптар Андрэй Вараб’ёў: у чароўнай майстэрні магілёўскага мастака



Над чым сёння працуе скульптар Андрэй Вараб’ёў, і якія яго працы могуць у хуткім часе ўпрыгожыць Магілёў і іншыя гарады.

Мы наведаліся ў майстэрню магілёўкага скульптара Андрэя Вараб’ёва. Там заўсёды цікава: шмат странных рэчаў і прадметаў, вялікія ды маленькія твары і сілуэты. Кожная з фігур - самастойны аб’ект мастацтва. А з каментарамі Андрэя – гэта цэлыя гісторыі аголеных пачуццяў і вырашаючых момантаў мінулага, сучаснага і будучага.

Прапануем вашай увазе гісторыі, якія чакаюць на замовы, каб ажыць на вуліцах Магілёва.

Машэка



Андрэй зафіксаваў момант, калі Машэка вызваліў сваю каханую. Але, паколькі яна ўжо пажыла пэўны час у панскіх палацах, яна ад гэтага вызвалення разгубілася. Машэка прагне наблізіць яе да зямлі. Ён закутвае яе ў скуру ільва. Яе ж рука нібы абдымае яго, ці цягнецца да зброі…

Памер рэальнай працы – 2 метры. Андрэй бачыць яе ў магілёўскім парку Горкага.

Рамэо і Джульета, ці Рома з Юляй



Гэтая скульптура-фантан прысвячаецца каханню.

— Скульптура закаханых стаіць пасярэдзіне плошчы — гэта хлопец з дзяўчынай, якія стаяць на двух дамах, што знаходзяцца адзін насупраць другога — сімвал варожых сем’яў. Закаханыя ўзняліся над сваімі дамамі і дакранаюцца адзін да аднога толькі ў адным месцы — у вуснах і зліваюцца ў пацалунку. У нейкі момант між імі узнікае сцяна вады, спрабуючы іх разлучыць. Па перыметру плошчы ўладкоўваецца 60 фарсункаў, з якіх па чарзе кожную хвіліну з’яўляюцца струмені вады.

Андрэй прапануе ўсталяваць працу памерам 2,5 метры ў тэатральным скверы.  


Гульня ў жаніх і нявесту



Гэта дзеці, якія пераапрануліся ў вопратку бацькоў. Яны гуляюць у дарослае жыццё, у сур’ёзнасць – у вясельную цырымонію.
Скульптуру памерам каля 1,20 метра Андрэй бачыць каля будынку ЗАГСа.

Непасрэднасць дзіцячых пачуццяў



Гэтая ідэя з’явілася ў Андрэя з падгледжанай жыццёвай сцэнкі:

- На Дубравенцы гулялі дзве сям’і з малымі – хлопчыкам і дзяўчынкай. Я ўбачыў такую карціну: малая паднімалася на ўзгорак, разганялася і ляцела ў абдымкі да хлопчыка. Калі яны сустракаліся ў абдымках, іх эмоцыі былі настолькі чыстымі, якімі могуць быць пачуцці толькі ў дзяцінстве, калі акрамя гэтага моманту больш нічога няма…


Рыбак



Гэта былы настаўнік матэматыкі, які ўсё жыццё адпрацаваў у школе. Зараз, калі ён выйшаў на пенсію, сэнсам яго жыцця з’яўляецца рыбалка.

- Скульптура ўжо некалькі разоў мела шанец быць усталяванай. Але кожны раз у гарадскога кіраўніцтва ўзнікалі нейкія пытанні па сэнсу, знешнему выгляду мужчыны і г.д.

Скульптуру памерам рэальнага чалавечага росту бачу на Дубравенцы. Рыбак стаіць на адным з паўкруглых парапетаў тварам да ракі, разлледзець яго магчыма толькі з вады.

Пераемнасць





Хлопчык гуляе ў пажарнага. Ён апрануў касцюм свайго таты. Тут жа – адпаведна сам бацька, магчыма ўстяляваць іх разам.

Трохмятровы леў



Андрэй мяркуе паставіць гэтага льва каля трасы Магілёў-Мінск на выездзе з гораду. Жывёліна сустракала б гасцей і праважала з’язджаючых.


Шагал уцякае з Віцебску



Нагамі вялікі мастак знаходзіцца на дахах віцебскіх дамоў, а рукой ужо дакранаецца да Эйфелевай башні ў Парыжы. У яго два твары, бо глядзіць ён і на Радзіму і на Францыю. Сам Шагал з’ехаў, і як казаў, не дасягнуў бы такіх поспехаў, каб застаўся ў Беларусі. Але, як ён сам адзначаў, Віцебск заўсёды заставаўся ў ягоным сэрцы.

Андрэй бачыць 2 аднолькавыя скульптуры – адна ў Віцебску, другая – у Парыжы.

Дрэва ведаў



Скульптура, па якой можна вучыць чытаць, — яшчэ адна з найбольш важных для скульптара работ. Ствол Дрэва ведаў — сноп, сплецены з беларускіх кветак. Ён сем разоў абвязаны стужкай з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі. Крона — 40-сантыметровыя лісткі-літары са словамі на гэтую літару і ілюстрацыямі да іх.

Скульптура павінна была быць усталяванай ў Быхаве да свята Пісьменства, але замова ў выніку была скасаванаю.

Купэ рэальнага памеру



Андрэй распрацаваў ідэю па замове беларускай чыгункі для станцыі ў адным з гарадоў. Але яна дагэтуль не ўсталяваная.
У купэ сядзіць сям’я, якая едзе на адпачынак да бабулі. З імі шмат рэчаў і кот, а на стале такая звыклая смааная курыца. Фішка скульптуры – у яе рэальным памеры выканання. Так. З ёй легка і цікава было б фатаграфавацца, - можна прысесці побач на вольнае месца, уторнуцца ў вакно, а дзеткам палазіць па купэ.

Сёння думка Андрэя развілася і ён ужо бачыць цэлы вагон, які можна усталяваць на рэльсы і вазіць з горада ў горад.

Хлопчык вучыцца маляваць



Андрэй прапанаваў гэтую працу для ўсталявання каля Міністэрства Культуры. Але замоўца абраў пару ў танцы. Дагэтуль скульптуры не ўсталяваныя.

Пясочны гадзіннік



Пясочны гадзіннік з жалезнымі шарыкамі, які раз у гадзіну паступова перакульваецца, а шарыкі ўнутры яго перасыпаюцца з аднаго сасуду ў другі. Дзве часткі – гэта кароль і каралева.

— Калі ён прымае гарызантальны стан, то уяўляе сабою знак бясконцасці. Скульптура закранае тэмы вечнасці, кахання, таго, што мужчына і жанчына — адно цэлае.


Помнік маладой бульбе



- Помнікаў бульбе шмат, а вось менавіта маладой, нашай самай любімай – няма.

Столік на траіх



- Вось уявіце сабе, што тры мужчыны ідуць з працы, канец тыдня, ім хочацца прысессці і апракінуць чарку наўпрост тут, на вуліцы… Тут узнікае і незразумелая для мяне забарона ўжываць некаторыя напоі на вуліцах горада…
Скульптура бачыцца Андрэю ў рэальным памеры. На стулы можна сесці, а на стале ёсць вольнаемесца, каб палажыць сваю ежу ды паставіць напоі.

Даведка:

Скульптуры Андрэя Вараб’ёва можна ўбачыць сёння ў розных гарадах Беларусі. У Магілёве сярод іх — Гімнастка насупраць Палаца гімнастыкі, Дзяўчынка з люстэркам ў МДУ імя Куляшова, помнік Агурку ў Шклове, студэнтка і студэнт, якія чытаюць кнігу ў Горках, скульптура «Развітанне» ў Быхаве і шмат іншых.



Жадаем Андрэю поспехаў і нагадваем, што ў пятніцу, 23 сакавіка а 17 гадзіне ў музэі ім. Масленікава адбудзецца адкрыццё выставы Андрэя Вараб'ёва "7 на 7", і гэта будзе скульптура і некаторыя аб'екты ды інсталяцыі, а яшчэ ўпершыню - фотапраекты, сведкі розных падарожжаў. Час правядзення выставы - два тыдні. Сардэчна запрашаем!

Тэкст і фота: Ганна Чарнецкая,
спецыяльна для партала Masheka.by